Унікальнасць: Ядром заказніка з’яўляюцца два адасобленыя буйныя балотныя масівы верхавога тыпу з возерам Чысцік. Дамінуючым тыпам расліннасці заказніка з’яўляецца лясная, якая займае 93,2% тэрыторыі.
Балоты гэтага краю нездарма называюць «беларускай Амазоніяй». Яны ўражваюць сваёй прыгажосцю, таямнічасцю і памерамі і ніколькі не саступаюць экзатычным мясцінам планеты. У «Карыценскі Мох» трэба ехаць найперш дзеля таго, каб убачыць натуральнае жыццё прыроды.
У заказніку расце такая рэдкая рэліктавая і ахоўная расліна, як вадзяны арэх плаваючы. У складзе флоры заказніка два ахоўныя віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу РБ – марошка прысадзістая і журавіны драбнаплодныя.
Жывёльны свет заказніка прадстаўлены такімі відамі, як лось, дзік, заяц-бяляк, заяц-русак, ліса, вавёрка і інш., а таксама трыма відамі, занесенымі ў Чырвоную кнігу Беларусі – мядзведзь, рысь, барсук.
Паўночную частку балотнага масіву заказніка займаюць вялікія «журавінавыя палі», па перыферыі тэрыторыі заказніка размясціліся чарнічнікі. Збор дзікарослых ягад і грыбоў на тэрыторыі заказніка з’яўляецца традыцыйным відам дзейнасці для мясцовага насельніцтва.
Паслугі ў галіне экатурызму: Для турыстаў па тэрыторыі заказніка праводзяцца пешыя і веласіпедныя экскурсіі, сплавы на байдарках. Паслугі візіт-цэнтра для аматараў прыроды і актыўнага адпачынку. Абсталявана экалагічная сцежка, некалькі зон адпачынку. У строга вызначаныя тэрміны дазволены рыбалка, збор і нарыхтоўка ягад і грыбоў.
Экалагічныя маршруты: Экалагічная сцежка працягласцю 6 км, абсталяваная альтанкамі, інфармацыйнымі стэндамі, насцілам (~200 м) па балоце і вышкай, з якой можна назіраць за дзікімі жывёламі і птушкамі.