Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь

У Беларусі плануецца прыняць новую стратэгію абыходжання з адходамі

20.05.2025
20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца прыняць новую стратэгію абыходжання з адходамі. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ставіць задачу зафіксаваць канкрэтныя мэты і іх дасягненне ў больш сціслыя тэрміны. Аб гэтым ішла размова на нарадзе ў Прэзідэнта па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пра распрацоўку адзінай стратэгіі абыходжання з адходамі вытворчасці і спажывання кіраўніку дзяржавы далажыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк. Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці замацаваць у дакуменце больш напружаныя задачы і папярэдзіў, што зацягваць з тэрмінамі рэалізацыі нельга.

Паводле слоў міністра, праект стратэгіі распрацаваны і вынесены на абмеркаванне. Пры Мінпрыроды быў створаны каардынацыйны савет па абыходжанні з адходамі, у які ўвайшлі прадстаўнікі навукі, бізнесу, мясцовых органаў улады, зацікаўленых арганізацый. "Мы ўлічылі ўсе магчымыя заўвагі, - сказаў ён. - Стратэгія вынесена на грамадскае абмеркаванне. Паступаюць пэўныя пытанні, у тым ліку і ад грамадзян, якія мы ўлічваем. І ў бліжэйшы час, пасля пэўнай дапрацоўкі, стратэгія будзе ўнесена на разгляд ва ўрад".

Як растлумачыў Сяргей Масляк, у новым дакуменце плануецца аб'яднаць іншыя дакументы па гэтай тэматыцы. "Сёння ў краіне пытанні абыходжання з адходамі адлюстраваны ў шасці стратэгіях і чатырох канцэпцыях. Трэба акумуляваць гэта ўсё ў адзіны дакумент і даць магчымасць вызначыць адзіны орган - Мінпрыроды, - растлумачыў ён неабходнасць распрацоўкі і прыняцця новай стратэгіі. - Гэта дасць свае вынікі ў бліжэйшы час. Я за гэтыя пытанні буду галавой адказваць".
Адной з асноўных, глабальных мэт стратэгіі міністр назваў дасягненне ўзроўню выкарыстання адходаў не менш як 90 працэнтаў да 2040 года.

Аднак Прэзідэнт палічыў абазначаны перыяд вельмі доўгім. "Гэтыя тэрміны не падыходзяць. Гэта ж нашы рэсурсы, і гэта тое смецце, якое забруджвае прыроду. Дык трэба гэта смецце ўзяць, перапрацаваць і зрабіць рэсурсамі. Дык што, мы будзем да 2040 года ў гразі цялёпкацца?" - крытычна адазваўся кіраўнік дзяржавы.

Наконт гэтага прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын растлумачыў, што задачы па нарошчванні аб'ёмаў перапрацоўкі адходаў будуць вырашацца больш дынамічна. І ў першую чаргу трэба будзе сканцэнтраваць асноўныя намаганні на тым, каб сартаваць усё смецце да таго, як яно трапіць на палігоны, здабываючы адтуль усе рэсурсы, якія падлягаюць перапрацоўцы. "Калі мы возьмем усе адходы за 100 працэнтаў, то працэнтаў 40 можна здаць на перапрацоўку, другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Працэнтаў 30, крыху больш, - гэта арганіка. Застаецца працэнтаў 20-25 тых адходаў, якія сёння не падлягаюць перапрацоўцы. Простая задача (мы гэта зробім) - у нас на палігонах не будзе ніякіх другасных матэрыяльных рэсурсаў. Мы гэта ўсё зробім на працягу бліжэйшага часу", - сказаў прэм'ер-міністр.

"У бліжэйшы час - гэта 2040 год?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"У бліжэйшыя некалькі гадоў", - запэўніў Аляксандр Турчын.

У якасці прыкладу абмяркоўвалася работа Брэсцкага смеццеперапрацоўчага завода. Прадпрыемства забяспечвае збор і сартаванне адходаў з Брэста, Брэсцкага і Жабінкаўскага раёнаў, атрымліваючы каля 14 відаў другаснай сыравіны, у тым ліку пластык, шкло, макулатуру, а таксама арганічныя адходы, з якіх атрымліваюць біягаз, што выкарыстоўваецца для выпрацоўкі электраэнергіі для патрэб завода.
Вырашыць пастаўленую задачу дазволіць у тым ліку новы смеццеперапрацоўчы завод, які будуецца пад Мінскам і пачне працаваць у ліпені гэтага года. Аб'ём перапрацоўкі складзе каля 600 тыс. т адходаў у год.

Гэты завод, як чакаецца, стане буйнейшым у краіне вытворцам RDF-паліва (ад англ. refuse-derived fuel - "паліва, атрыманае з адходаў") - гранул, атрыманых з гаручых адходаў. Аб'ёмы запланаваны на ўзроўні 113 тыс. т у год, што, паводле слоў спецыялістаў, дае магчымасць у значнай ступені забяспечыць патрэбнасці ў энергарэсурсах для цэментных заводаў. Аднак апошнія пакуль без энтузіязму ставяцца да перспектывы выкарыстання RDF-паліва, спасылаючыся на розныя складанасці, у тым ліку тэхналагічныя і па абслугоўванні абсталявання.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым запатрабаваў ставіць перад цэментнымі заводамі больш жорсткія задачы і патрабаваць ад іх выкарыстоўваць RDF-паліва, паколькі гэта важна для дзяржавы і дае магчымасць адначасова вырашаць пытанні як з перапрацоўкай адходаў, так і з забеспячэннем цэментнай галіны мясцовымі энергарэсурсамі.

"Калі гэта паліва (RDF-паліва. - Заўвага БЕЛТА) нармальна згарае і павінна згараць, дык няхай бяруць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Устанавіце цану і аб'ёмы, якія павінны забіраць гэтыя заводы. Што вы з імі возіцеся? Дзяржаўнае прадпрыемства (ды няважна якое - у краіне парадак). Каб спыніць гэтыя размовы: трэба, не трэба".-0-
Усе навіны