20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На нарадзе па пытаннях абыходжання з адходамі і выкарыстання другасных матэрыяльных рэсурсаў у Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прагучала прапанова выкарыстоўваць расійскі вопыт па атрыманні рэдказямельных элементаў з адходаў прамвытворчасці,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як растлумачыў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, усе адходы, якія ўтвараюцца ў краіне, можна падзяліць на два блокі - адходы прамвытворчасці і адходы ў выніку жыццядзейнасці насельніцтва. У першым блоку ёсць значная колькасць адходаў, якія цяпер не перапрацоўваюцца. Яны ўтвараюцца ў выніку вытворчасці на "Беларуськаліі" і Гомельскім хімічным заводзе. Астатняя частка адходаў прамвытворчасці, паводле слоў прэм'ер-міністра, так ці інакш перапрацоўваецца.Паводле даных, якія агучыў на нарадзе міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, за 2024 год у краіне ўтварылася 60 млн т адходаў, з якіх 56 млн т - адходы вытворчасці. У іх структуры 70 працэнтаў прыпадае на долю буйнатанажных адходаў двух відаў - фосфагіпс (прадукт, што ўтвараецца ў выніку дзейнасці Гомельскага хімзавода, на гэты час накоплена больш за 26 млн т) і галітавыя адходы, што ўтвараюцца пры вытворчасці на "Беларуськаліі".
Міністр далажыў, што спецыялісты вывучылі вопыт Расійскай Федэрацыі ў частцы выкарыстання адходаў фосфагіпсу. На нарадзе ў Прэзідэнта былі прадстаўлены ўзоры прадукцыі, якая вырабляецца ў Расіі з гэтых адходаў, у прыватнасці рэдказямельныя элементы.
Як вядома, не так даўно было даручэнне кіраўніка дзяржавы Міністэрству прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, каб беларускія спецыялісты ўважліва вывучылі нетры краіны на прадмет наяўнасці новых відаў карысных выкапняў, у тым ліку рэдкіх металаў і рэдказямельных элементаў.
Міністр у сувязі з гэтым прапанаваў вывучыць расійскі вопыт і эканамічную мэтазгоднасць яго выкарыстання ў Беларусі. Паводле яго слоў, у адной тоне фосфагіпсаў знаходзіцца каля 80-84 кг штучнага гіпсу (паводле некаторых ацэнак яго характарыстыкі нават лепшыя, чым прыроднага), каля 12-14 працэнтаў з гэтай тоны - гэта адходы, якія ўтвараюцца ў выніку вытворчасці, і каля 0,5 працэнта - прадукцыя, што паспяхова вырабляецца ў Расіі, у прыватнасці - рэдказямельныя элементы.
"З улікам гэтага ў мяне прапанова, каб усё ж такі наша Акадэмія навук вывучыла гэты вопыт і ў выпадку неабходнасці, магчыма, яго рэалізаваць на практыцы праз будаўніцтва адпаведных ліній на базе Гомельскага хімічнага завода для атрымання канцэнтрату, а потым у выпадку эканамічнай мэтазгоднасці прыняцця рашэння па будаўніцтве завода па атрыманні з гэтага канцэнтрату рэдказямельных элементаў, якія прымяняюцца ў вытворчасці", - сказаў Сяргей Масляк. Ён лічыць, што прадукцыя, якая будзе атрымана, мае экспартны патэнцыял: "Мне здаецца, ёсць ніша для Рэспублікі Беларусь. Таму, з майго пункту гледжання, гэтым пытаннем варта займацца", - дадаў ён.-0-