7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Намеснік начальніка ДУ "Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя" Святлана Касцян
расказала ў праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць" аб тым, як працуе кантроль за выкідамі забруджвальных рэчываў на прадпрыемствах.
Цэнтр аналітычнага кантролю праводзіць незалежныя вымярэнні ў кампанентах навакольнага асяроддзя - сцёкавай, паверхневай, пітной вадзе, выкідах ад стацыянарных крыніц прадпрыемстваў (дымавых трубах), глебагрунтах, донных адкладах.
"Калі праводзіцца адбор проб на правядзенне вымярэнняў, па іх выдаюцца пратаколы, якія накіроўваюцца ў тэрытарыяльныя органы. Калі суб'ект гаспадарання працуе ў рамках дазволеных яму нарматываў, то да яго не прымяняюцца меры адміністрацыйнага спагнання. Таксама пратаколы дазваляюць убачыць, якія, напрыклад, ачышчальныя збудаванні сцёкавых вод працуюць эфектыўна, а якія - не. На падставе гэтых даных прымаюцца рашэнні, уключаючы рэканструкцыю ачышчальных збудаванняў. Калі яны працуюць неэфектыўна, пастаянна ідзе перавышэнне па біягенных рэчывах, то закладваецца фінансаванне і пачынаецца іх рэканструкцыя", - расказала Святлана Касцян.
Каб арганізаваць адбор проб, неабходна трапіць на прадпрыемства, а для гэтага патрэбна прычына, дадала яна, гаворачы аб рэгламенце правядзення праверак на прадпрыемствах. "На сайтах цэнтральных органаў Мінпрыроды ёсць спецыяльны раздзел, дзе кожны суб'ект гаспадарання можа паглядзець, ці ўключаны ён у праверку, - растлумачыла намеснік начальніка. - У нас ёсць экалагічныя нормы і правілы, дзе ўстаноўлены парадак і перыядычнасць кантролю прадпрыемстваў".
Магчымасці абысці гэтыя праверкі ў прадпрыемстваў няма, таму што работа вядзецца комплексная. "Яе робім не толькі мы, але і тэрытарыяльныя органы, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, нават пільныя грамадзяне звяртаюцца", - заўважыла Святлана Касцян. Пры гэтым асноўная маса дадатковых праверак праводзіцца па зваротах грамадзян.
Начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Сазонава дадала, што ў Беларусі прымяняюцца санкцыі за шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, - выкіды забруджвальных рэчываў, скіды адходаў, несанкцыянаванае размяшчэнне адходаў, выдаленне аб'ектаў расліннага свету.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.-0-