Унікальнасць: Галоўны аб’ект аховы заказніка – возера Сялява, адно з найпрыгажэйшых у Беларускім Паазер’і. Гэта адзін з найбуйнейшых вадаёмаў на паўночным усходзе Беларусі. Плошча воднага люстэрка складае каля 1500 гектараў, даўжыня возера – звыш 14 км, макс. глыбіня – больш за 17 м. У цэнтральнай частцы ёсць тры астравы, самы буйны з якіх плошчай каля 200 га. У возеры Сялява дазволена купанне.
Прыродны комплекс возера і навакольнай тэрыторыі адрозніваецца маляўнічым спалучэннем прыбярэжных схілаў і акваторыі возера (возера абкружаюць стромкія, упрыгожаныя векавымі соснамі (вышынёй 6–8 м) схілы, якія спадзіста спускаюцца да вады) з разнастайнасцю мысаў, астравоў, заліваў. Празрыстасць возера летам дасягае трох метраў. Возера Сялява прывабнае для турыстаў у якасці адпачынку, рыбнай лоўлі, купання.
Заказнік «Сялява» празвалі «Беларускім Бермудскім трохвугольнікам» з-за анамальных з’яў, чуткі пра якія распаўсюдзіліся паміж людзьмі. Так, сярод мясцовых жыхароў ходзіць пагалоска, быццам у наваколлі возера знаходзіцца анамальная зона, дзе можна заблудзіць у трох хвоях.
У заказніку растуць баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, пярэсна еўрапейская, шпажнік чарапіцавы, гарлачык белы. Калі пашанцуе, падчас прагулкі тут можна сустрэць барсука, скапу, арэшнікавую соню і некаторыя іншыя віды жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.
Адным з папулярных відаў адпачынку на возеры Сялява з’яўляецца аматарскае рыбалоўства. У вадаёме водзяцца сом, шчупак, язь, гусцяра, ёрш, галавень, жэрах, з рэдкіх відаў – мянтуз і рапушка.
Паслугі ў галіне экатурызму: Вакол возера Сялява арганізаваны шэраг добраўпарадкаваных зон адпачынку з альтанкамі, стаянкамі для аўтатранспарту, кабінкамі для пераапранання, месцам для размяшчэння палатак і інш.; паслугі па пражыванні на базе адпачынку «Панская купальня» з цудоўным пляжам, пясок на які прывезлі з Рыжскага заліва; арганізацыя лоўлі рыбы; магчымасць кемпінга ў дазволеных месцах; турніры па бадмінтоне, валейболе.
Экалагічныя маршруты: Экалагічная сцежка «Прошыцкія балоты».