Унікальнасць: Заказнік называюць другім цудам Лоеўскага краю. Яго тэрыторыя ўключае складаны пойменны комплекс у міжрэччы дзвюх буйных рэк Сожа і Дняпра са шматлікімі старыцамі, пратокамі, затокамі, паніжэннямі. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць пясчаныя дзюны, буйныя грады з фрагментамі дуброў, а таксама рэшткі былых рачных рэчышчаў (рэчышча пра-Дняпра), парослыя чорнаальховымі лясамі.
Тут былі выяўлены саланечнік рускі і наяда вялікая – незвычайная кветкавая расліна, якая развіваецца пад вадой.
Мясцовыя ўмовы спрыяльныя для пражывання розных каляводных птушак, уключаючы віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Заказнік мае статус тэрыторыі міжнароднага значэння, важнай для птушак.
У складзе фаўны 140 відаў птушак і 35 відаў млекакормячых. Чырванакніжнымі з’яўляюцца 16 відаў: рысь, чапля-бугай, чапля-лазянік, пугач і інш. У межах заказніка вялікая колькасць казуль, ліс, дзікоў і іншых дзікіх жывёл.
Паслугі ў галіне экатурызму: Пражыванне і адпачынак на экатурыстычнай базе «Нізоўе Сожа» з ахаванай аўтастаянкай; арэнда альтанак, мангалаў і лодак; пешыя, водныя і аўтамабільныя экскурсіі ў суправаджэнні гіда; гарантаваны паказ чырванакніжных прадстаўнікоў флоры і фаўны Беларусі; пракат інвентару для аматарскага рыбалоўства; лоўля рыбы ў суправаджэнні кансультанта.
Экалагічныя маршруты: Адзін палявы і тры лясныя экалагічныя маршруты (ад 2 да 5 км); водны маршрут па рацэ Сож (10 км).
Славутасці побач: Геалагічнае агаленне «Лоеў» – унікальны разрэз на беразе ракі Дняпра, сфарміраваны 135–110 тысяч гадоў таму назад; Музей бітвы за Дняпро ў г. Лоеў; Курган (стаянка старажытнага чалавека).