Версія для друку
Памер шрыфту
+
фота
Друк

У Мінпрыроды расказалі, адкуль атрымліваюць доўгатэрміновыя прагнозы надвор'я па Беларусі

Навіны 08.07.2025 | 21:35
8 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На які перыяд складае прагноз надвор'я Белгідрамет і як забяспечваецца доўгатэрміновае прагназаванне, расказалі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У адрозненне ад кароткатэрміновых прагнозаў надвор'я, якія выпускаюць спецыялісты кожнай з нацыянальных гідраметэаралагічных службаў, доўгатэрміновыя прагнозы - складаная, рэсурсаёмістая задача, для вырашэння якой аб'ядноўваюцца намаганні розных краін. Са 193 членаў Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) глабальныя сезонныя прагнозы сёння выпускаюць усяго трынаццаць цэнтраў доўгатэрміновых прагнозаў: Бразіліа (Бразілія), Вашынгтон (ЗША), Мельбурн (Аўстралія), Манрэаль (Канада), Масква (Расія), Офенбах (Германія), Пекін (КНР), Прэторыя (ПАР), Рэдынг (Вялікабрытанія), Сеул (Рэспубліка Карэя), Токіа (Японія), Тулуза (Францыя), Эксетэр (Вялікабрытанія).

"У далейшым СМА праз рэгіянальныя кліматычныя цэнтры распаўсюджвае доўгатэрміновыя прагнозы для краін - членаў гэтай міжнароднай арганізацыі. У Еўропе функцыі аднаго з вузлоў Рэгіянальнай кліматычнай сеткі выконвае Паўночна-Еўразійскі кліматычны цэнтр (Расія), які забяспечвае доўгатэрміновымі прагнозамі краіны СНД. Двойчы ў год - у канцы мая на летні сезон і ў канцы лістапада на зімовы сезон. Арганізуецца Паўночна-Еўразійскі кліматычны форум, які аб'ядноўвае намаганні вучоных і спецыялістаў у галіне доўгатэрміновага прагназавання для складання сезонных прагнозаў. Спецыялісты Белгідрамета з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі названага форуму", - адзначылі ў прэс-службе.

Акрамя таго, Расгідрамет штомесяц складае і накіроўвае ў адрас Белгідрамета прагнозы адхілення сярэдняй тэмпературы і сумы ападкаў за месяц ад кліматычнай нормы для тэрыторыі нашай краіны.

"Такім чынам, Белгідрамет, як член СМА, як і большасць нацыянальных гідраметэаралагічных службаў, мае магчымасць выкарыстоўваць прадукцыю доўгатэрміновага прагназавання цэнтраў доўгатэрміновых прагнозаў. Для Рэспублікі Беларусь - гэта Паўночна-Еўразійскі кліматычны цэнтр, які мае тэхнічны, навуковы рэсурс для забеспячэння краін СНД доўгатэрміновымі прагнозамі надвор'я", - растлумачылі ў Мінпрыроды.

Там дадалі, што Белгідрамет валодае шырокай сеткай гідраметэаралагічных станцый, аснашчаных самым сучасным абсталяваннем, сеткай доплераўскіх метэаралагічных радыёлакатараў, якія пакрываюць усю тэрыторыю Беларусі, а таксама кваліфікаванымі спецыялістамі ў розных галінах гідраметэаралогіі, што дае магчымасць пастаянна ўдасканальваць якасць сінаптычных прагнозаў. Наяўнасць вылічальнага кластара дазваляе праводзіць работы па паляпшэнні якасці лікавых мадэлей, у тым ліку пры цесным узаемадзеянні з арганізацыямі, падпарадкаванымі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

"Па выніках I паўгоддзя 2025 года апраўдвальнасць прагнозаў надвор'я Белгідрамета па абласцях на адны суткі склала 98,2 працэнта, на двое-трое сутак па абласцях - 97,2 працэнта. Такія значэнні з'яўляюцца аднымі з самых высокіх сярод краін СНД. Пры гэтым, згодна з рэкамендацыямі Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, паспяховымі лічацца прагнозы апраўдвальнасцю 85-90 працэнтаў", - дадалі ў прэс-службе.-0-
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://www.minpriroda.gov.by/by/news-by/view/u-minpryrody-raskazali-adkul-atrymlivajuts-dougaterminovyja-pragnozy-nadvorja-pa-belarusi-6377
© Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, 2025
Распрацоўка і падтрымка сайта БЕЛТА