Версія для друку
Памер шрыфту
+
фота
Друк

Колькі новых крыніц за апошнія гады з'явілася ў Беларусі, расказала эксперт

Навіны 09.06.2025 | 12:13
9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік аддзела паверхневых вод РУП "Цэнтральны навукова-даследчы інстытут комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў" Алена Грамадская расказала ў праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць", колькі новых крыніц за апошнія гады з'явілася ў Беларусі.

Улік паверхневых водных аб'ектаў ажыццяўляецца ў рамках маштабнай работы па інвентарызацыі такіх аб'ектаў Міністэрствам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя ў рамках дзяржаўнай праграмы. "Крыніцы даследуюцца ў рамках інвентарызацыі ўсіх водных аб'ектаў, таму што ў адпаведнасці з водным кодэксам яны таксама адносяцца да паверхнева-водных аб'ектаў, якія ўяўляюць сабой выхад падземных вод на зямную паверхню. Па выніках першага цыкла інвентарызацыі, які завяршыўся ў 2020 годзе, у Беларусі налічваецца 1183 крыніцы. У 2021-2025 гадах ідзе другі цыкл інвентарызацыі, мы актуалізуем інфармацыю. Недзе крыніцы знікаюць, недзе мы знаходзім новыя", - расказала Алена Грамадская. Так, за апошнія чатыры гады 44 крыніцы знікла і з'явілася 37 новых.

У асноўным крыніцы знікаюць з-за антрапагеннай дзейнасці. Напрыклад, нейкае нерацыянальнае і непрадуманае добраўпарадкаванне можа прывесці да гэтага.

У Беларусі налічваецца 20 тыс. рэк і 10 тыс. азёр. "Мы цяпер працуем над тым, каб пацвердзіць або абвергнуць гэту лічбу як з выкарыстаннем сучасных сродкаў - космаздымкаў, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, геаінфармацыйных сістэм, так і з выездам на месца, палявымі экспедыцыйнымі даследаваннямі. Выезды патрэбны для таго, каб паглядзець тое, што мы не можам убачыць на здымку, напрыклад, адсутныя ўчасткі высахлага рэчышча, адсутныя водныя аб'екты на мясцовасці. У асноўным гэта датычыцца ручаёў, якія размешчаны паблізу сельскагаспадарчых зямель, або ў складзе меліярацыйных сістэм", - расказала Алена Грамадская.

Па выніках інвентарызацыі можна сказаць, што сітуацыя з перасохлымі рэчышчамі некрытычная. Амаль у 12 працэнтаў ад абследаваных на мясцовасці водных аб'ектаў пацвярджаюцца ўчасткі перасохлага рэчышча. "У асноўным гэта Палессе, поўдзень. Там больш цёплы клімат, але ў той жа час, гэта тэрыторыя, якая найбольш падпадала пад меліярацыйныя работы", - сказала спецыяліст.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.-0-
Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://www.minpriroda.gov.by/by/news-by/view/kolki-novyx-krynits-za-aposhnija-gady-zjavilasja-u-belarusi-raskazala-ekspert-6364
© Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, 2025
Распрацоўка і падтрымка сайта БЕЛТА