Унікальнасць: З’яўляецца адзінай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй самага высокага рангу – запаведнік. Уяўляе сабой унікальны прыродны комплекс, які ўключае ў сябе выключную разнастайнасць розных тыпаў лясоў, лугоў і балот, адзіны ў сваім родзе пойменны комплекс ракі Бярэзіны, мноства вялікіх і малых рэк, непаўторныя азёры. Унікальная прыродная тэрыторыя захавана ў некранутым дзікім выглядзе.
У Бярэзінскім запаведніку на адной тэрыторыі ў дзікіх умовах пражывае Вялікая еўрапейская пяцёрка буйных млекакормячых – лось, зубр, мядзведзь, воўк і рысь. На тэрыторыі запаведніка пражывае самая буйная групоўка бурага мядзведзя ў краіне (не менш за 75 асобін).
У запаведніку выяўлена пражыванне 56 відаў млекакормячых (больш за 70% відаў, вядомых у Беларусі). Для некаторых відаў жывёл запаведнік з’яўляецца адзіным або адным з нямногіх месцаў, дзе яны былі адзначаны ў Беларусі. Гэта млекакормячыя сямейства землярыйкавыя – раўназубая і маленькая буразубкі; стракозы – лютка сібірская рыжая, дзедка рагаты, каромысел зялёны; матылькі – мнагавочка блакітнаватая, перламутраўка таежная; мурашка Форшлюнда; павук паляўнічы паласаты.
Запаведнік уключаны ў Сусветную сетку біясферных рэзерватаў праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера»; мае статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (Рамсарскай тэрыторыі), ключавой батанічнай тэрыторыі і тэрыторыі міжнароднага значэння, важнай для птушак.
У эколага-асветніцкай і турыстычнай дзейнасці запаведніка працуе непаўторны казачны анімацыйны персанаж – Балотнік.
Толькі ў запаведніку функцыянуе Цэнтр міфалагічнага турызму, які ўключае Музей міфалогіі і экалагічную сцежку «У краі міфаў».
Паслугі ў галіне экатурызму: Экскурсіі ў прыроду; назіранне за рэдкімі раслінамі, птушкамі, насякомымі і нават драпежнікамі; пражыванне ў гасцінічных комплексах і гасцявых доміках; разнастайныя туры (актыўныя, святочныя, выхаднога дня, туры ў прыроду); у зімні час года можна арандаваць лыжы, канькі, санкі, снегаход, а таксама зімні веласіпед – кейтрак; летам таксама арэнда веласіпедаў, электрамабіляў, ролікаў, квадрацыклаў, скейтбордаў; вяровачны парк «Лясныя забавы»; байдарачныя туры; наведванне Музея прыроды; экскурсіі ў лясны заапарк; магчымасць арганізацыі розных спартыўных мерапрыемстваў.
Экалагічныя маршруты: Пешыя, веласіпедныя, водныя, конныя, лыжныя і камбінаваныя турыстычныя маршруты рознай складанасці і працягласці; экалагічныя сцежкі.