Унікальнасць: Адзін з самых маленькіх заказнікаў у Беларусі, які, аднак, прыцягвае турыстаў з усяго свету. І магніт гэты – самае загадкавае, авеянае легендамі і міфамі возера краіны Свіцязь з выключна празрыстай вадой. Гэта адзін з найпрыгажэйшых у Беларусі і найбуйнейшых у Гродзенскай вобласці вадаёмаў. Плошча возера – 1,76 кв. км, глыбіня – каля 15 метраў. Яго катлавіна ўтварылася ў выніку правалу адкладанняў у падземныя пустоты каля 13 тысяч гадоў назад. У возера, якое шчыльным кальцом абкружана лесам, не ўпадае ніводная рака і ніводная не выцякае.
Толькі ў возеры Свіцязь ёсць незвычайныя малюскі – планорбіс стэльмахтыкус, якія сустракаюцца толькі ў азёрах Бельгіі, Францыі і Германіі. Як гэтыя арганізмы трапілі ў ізаляваную чашу возера, вучоным невядома. У возеры расце мноства рэліктавых раслін: лабелія Дортмана, наяда гібкая, палушнік азёрны і інш. Толькі ў заказніку зафіксаваны рэдкі прыбярэжнік аднакветкавы. Яшчэ адзін дзіўны факт – наяўнасць у возеры загадкавай водарасці тэтрадыніум яванскі, характэрнай толькі для вострава Ява.
У раслінным покрыве заказніка пераважаюць яловыя, дубовыя і сасновыя лясы. Вылучаецца помнік прыроды «Дуб-трайнік» узростам больш за 300 гадоў.
У межах заказніка адзначана 6 відаў рэдкіх і тых, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, чырванакніжных дзікіх жывёл: чорны бусел, малы арлец, сокал-кабец, сыч-сіпель, даўгахвостая кугакаўка, барсук.
Паслугі ў галіне экатурызму: Экскурсіі па заказніку, паслугі па размяшчэнні аўтатранспарту на стаянках; на возеры абсталяваны пляж для купання; функцыянаванне эколага-інфармацыйнага цэнтра для дзяцей з фітаклубам «Прыгоды ля возера» (http://novtour.by/chto-posetit/ekologo-informatsionnyj-tsentr-na-oz-svityaz/); паслугі палатачнага гарадка.
Экалагічныя маршруты: Экалагічная сцежка (1,2 км); пешы маршрут «Кальцо Свіцязі» (5 км).
Славутасці: На тэрыторыі заказніка знаходзіцца група старажытных курганоў (археалагічныя помнікі); недалёка ад заказніка старажытны горад Навагрудак, адзін з галоўных у мінулым цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага.