Унікальнасць: Непаўторны прыродны комплекс, дзе ўзгоркі ледніковага паходжання чаргуюцца з маляўнічымі азёрамі, рэліктавыя лясы, багатыя на дары прыроды, змяняюцца пакатымі раўнінамі і забалочанымі нізінамі, называюць брыльянтавымі каралямі Беларусі.
Прырода ў заказніку адрозніваецца выключнай маляўнічасцю і некранутасцю.
Ядром заказніка з’яўляецца група Сарачанскіх азёр, якая ўключае 14 вадаёмаў, размешчаных ланцужком. Агульная плошча азёр – усяго 4 кв. км, але працягласць – каля 20 км. Азёры Гульбеза і Ёдзі – выключна чыстыя (празрыстасць вады – да 4 м). Адсутнасць на працягу большай часткі года кіслароду ў прыдонных слаях выклікае з’яўленне тут серавадароду. Такая з’ява ў межах Беларусі характэрная толькі для Сарачанскіх азёр. Азёры вызначаюцца выключнай маляўнічасцю.
У заказніку «Сарачанскія азёры» налічваецца 11 відаў раслін і 22 віды жывёл, якія знаходзяцца пад аховай Чырвонай кнігі Беларусі.
Дзве трэці тэрыторыі пакрыта лясамі, дзе пераважаюць сасна, елка і бяроза. На долю балот і сухадольных лугоў прыпадае толькі 15%.
Сарачанскія азёры – гэта сапраўдны рай для аматараў пасядзець з вудай на беразе або «кінуць якар» пасярод мяккай цішыні возера.
Паўночная частка заказніка з’яўляецца прыгранічнай зонай. Для яе наведвання неабходныя адпаведныя дакументы.
Паслугі ў галіне экатурызму: Арэнда альтанак, размяшчэнне на турыстычных стаянках, пракат лодкі, выратавальных камізэлек. На берагах азёр абсталяваны месцы адпачынку.
Экалагічныя маршруты: Два экскурсійныя маршруты: пешаходны маршрут «Пралеска» берагам воз. Каймінскага (разлічаны на некалькі гадзін) і маршрут «Вецер Паазер’я» (ад 3 дзён да 2-х тыдняў, магчымы пешшу, на веласіпедах, аўтамабілях і байдарках). Экалагічная сцежка «Пралеска» (7 км).
Славутасці: Капішча бронзавага веку каля возера Баранскае; касцёл у Гервятах; дом-музей Казіміра Сваяка ў пасёлку Барані. Неверагодна прыгожым месцам з’яўляецца Свіранскі ручай.