Галоўная/ Карта асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны парк «Нарачанскі»

Тып аб: нацыянальны парк
Створаны: 28.07.1999
Статус: рэспубліканскі
Паштовы адрас: 222395, Рэспубліка Беларусь, Мінская вобласць, Мядзельскі раён, к.п. Нарач, вул. Ленінская, 11
Тэл./факс: +375 1797 29884, +375 1797 27508 (факс)
Электронны адрас: turism@narochpark.by; info@narochpark.by
Геалакацыя: 54.909032, 26.707362
Плошча: 87 134,66 га
Інтэрнэт сайт
Да спісу ААПТ РБ

Нацыянальны парк «Нарачанскі» створаны ў мэтах захавання ўнікальных прыродных комплексаў, аб’яднаных возерам Нарач, як эталона прыродных ландшафтаў, каштоўных прыродных комплексаў, генетычнай і біялагічнай разнастайнасці Беларускага Паазер’я і іх больш поўнага і эфектыўнага выкарыстання ў працэсе прыродаахоўнай, навуковай, асветніцкай, турыстычнай, рэкрэацыйнай і аздараўленчай дзейнасці.
Унікальнасць: Працягласць нацыянальнага парку з поўначы на поўдзень – 34 км, з захаду на ўсход – 59 км.
Адметнай асаблівасцю нацыянальнага парку з’яўляецца канцэнтрацыя на яго тэрыторыі водных экасістэм. У спалучэнні з навакольнымі ландшафтамі азёрныя экасістэмы надаюць тэрыторыі парку не толькі візуальную выразнасць і эстэтычную прывабнасць, але і вялікае рэкрэацыйна-бальнеалагічнае значэнне.
Водна-балотныя ўгоддзі з’яўляюцца важнымі асяроддзеўтваральнымі экасістэмамі, большасць з іх уяўляюць сабой асабліва каштоўныя прыродныя комплексы. Вадаёмы займаюць прыкладна пятую частку парку і адносяцца да басейнаў Нёмана і Заходняй Дзвіны. У межах нацыянальнага парку размешчаны 43 возеры, у тым ліку самае вялікае возера Беларусі Нарач (плошча 79,6 км²).
Не меншымі па значнасці з’яўляюцца лясныя экасістэмы. Каля 48% тэрыторыі парку пакрыта сасновымі барамі і бярозавымі гаямі. Флора адрозніваецца разнастайнасцю імхоў, лішайнікаў, грыбоў, водарасцей. Сярод унікальных экасістэм трэба адзначыць рэліктавыя постледніковыя лугі з характэрным наборам раслінных асацыяцый.
Тут налічваецца больш за 1400 відаў вышэйшых раслін, з іх 114 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку самая прыгожая беларуская архідэя – венерын чаравічак.
Фаўну прадстаўляюць 326 відаў пазваночных жывёл: еўрапейскі высакародны алень, дзік, лось, казуля, янотападобны сабака, барсук, куніца, норка, выдра, бабёр, андатра і інш.
Дзякуючы вялікай колькасці вадаёмаў і балот тут пражываюць 220 відаў птушак, сярод іх больш за 50 з Чырвонай кнігі Беларусі: чапля-бугай, скапа, шэры журавель і інш.
У нарачанскіх азёрах і рэках водзіцца каля 35 відаў рыб: шчупак, плотка, акунь, лешч, карась, гусцяра, ёрш і інш.
Паслугі ў галіне экатурызму: Паслугі эколага-асветніцкага цэнтра, тэматычныя экскурсіі, рыбалка, паляванне, экскурсіі ў сафары-парк, пражыванне ў гасцінічным комплексе, гасцявых дамах, гасцявым катэджы і аўтакемпінгу; абсталяваныя турыстычныя стаянкі, экалагічная сцежка «Блакітныя азёры», дэндрасад.
Арганізаваны спецыялізаваныя навукова-пазнавальныя туры, аўтарскія экскурсіі батаніка-экалагічнай накіраванасці: «Парк рэдкіх раслін», «Падарожжа ў прыроду», «Чароўны свет раслін», пешаходныя маршруты ў прыродным комплексе «Блакітныя азёры» і дэндралагічным садзе.

Версія для друку