Галоўная/ Карта асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры»

Тып аб: нацыянальны парк
Створаны: 01.09.1995
Статус: рэспубліканскі
Паштовы адрас: 211970, Віцебская вобласць, г. Браслаў, вул. Дачная, 1
Тэл./факс: +375 2153 67707; +375 29 226 22 46
Электронны адрас: turizm@braslavpark.by
Геалакацыя: 55.64475, 27.01667
Плошча: 71 500 (га)
Інтэрнэт сайт
Да спісу ААПТ РБ

Унікальнасць: Найбуйнейшы азёрны рэгіён Беларусі – Браслаўскае Паазер’е – знакаміты ландшафтамі і рэльефам, якія пакінуў тут старажытны ляднік. Галоўнае багацце рэгіёна – каля 300 азёр і вадаёмаў – розных па форме, плошчы, глыбіні, складу і празрыстасці вады, разнастайнасці флоры і фаўны. За незвычайную прыгажосць іх называюць «блакітнымі каралямі» Беларусі.
У Браслаўскіх азёрах пражываюць рэліктавыя беспазваночныя, якія сведчаць пра чысціню вады. Тут водзіцца больш за 30 відаў рыб. На тэрыторыі Браслаўскага раёна сканцэнтравана каля 35% птушак, якія гняздзяцца ў Беларусі. Браслаўшчына – край астравоў: на тутэйшых азёрах іх больш за 100, у тым ліку незвычайных. Напрыклад, востраў Чайчын на возеры Струста мае ўласнае ўнутранае возера.
Асаблівасць браслаўскага рэльефу – характэрныя па форме ўзгоркі: акруглыя камы і падобныя на грэбень озы. Ляднік пакінуў на тэрыторыі краю мноства камянёў, сярод якіх і валуны значных памераў. Самы вялікі валун Браслаўшчыны – звыш 40 тон – знаходзіцца на заходнім беразе возера Струста.
Тут расце больш за 1 900 відаў раслін. Дзякуючы разнастайнасці экасістэм (лясы, азёры, лугі, балоты) жывёльны свет парку вельмі багаты. На яго тэрыторыі пражываюць 312 відаў пазваночных жывёл.
Нацыянальны парк мае статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі і ключавой батанічнай тэрыторыі.

Паслугі ў галіне экатурызму: Магчымасць пражывання ў турыстычных комплексах і на базе адпачынку; экскурсіі па экалагічных сцежках; абсталяваныя турыстычныя стаянкі; наведванне вальераў з дзікімі жывёламі, характэрнымі для Беларускага Паазер’я; арганізацыя рыбалкі, паляўнічых тураў; арэнда саўн і лазняў; пракат лодак, катамаранаў, веласіпедаў; арганізацыя пазнавальных тураў, гастратуру і сафары-туру; правядзенне лазертагаў і квэстаў; у цёплы сезон прагулкі па азёрах на прагулачных караблях.

Экалагічныя маршруты: Пешыя, веласіпедныя, водныя і камбінаваныя турыстычныя маршруты рознай працягласці і складанасці; тры экалагічныя сцежкі «Гара Маяк» з агляднай вышкай (1,7 км), «Парк Бельмонт» (2,4 км) і «Слабодкаўская озавая града» (4,6 км).

Славутасці: Міжнародныя рыбалоўныя турніры ў Нацпарку; дэндрапарк у в. Мосар; унікальныя астраўныя замчышчы ў вёсках Іказнь і Дрысвяты; Барысаў камень (рэдкі помнік эпіграфікі XII стагоддзя) у г. п. Друя; гарадзішча Маскавічы.
Версія для друку