Унікальнасць: Возера Рычы – другое па глыбіні возера ў Беларусі (пасля воз. Доўгае ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці). Максімальная глыбіня возера складае 51,9 м, сярэдняя – 10,2 м.
Адметныя рысы ландшафтаў заказніка: вельмі значны перапад абсалютных і адносных вышынь (больш за 30 м) на абмежаванай прасторы, вялікая расчлянёнасць тэрыторыі, прысутнасць унікальных і выразных формаў рэльефу (камы, озы) з невялікімі астраўкамі лёсаў, частае і рэзкае чаргаванне пагоркаў і град з катлавінамі і западзінамі. Усё гэта надае тэрыторыі заказніка выключную прывабнасць і некранутасць.
На тэрыторыі заказніка вылучана 16 катэгорый асабліва каштоўных прыродных аб’ектаў (каштоўныя раслінныя і жывёльныя згуртаванні, месцы пражывання ахоўных відаў раслін і жывёл і інш.):
Тэрыторыя заказніка ўваходзіць у пагранічную зону, мяжа яго праходзіць па пагранічнай паласе з Латвіяй. Па гэтай прычыне наведванне заказніка патрабуе афармлення дадатковых дазвольных дакументаў.
На тэрыторыі заказніка знаходзяцца 2 буйныя ледніковыя валуны, якія маюць статус помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння: «Вялікі камень Анісімавіцкі» (каля в. Анісімавічы) і «Чортаў камень Рычаўскі» (на востраве Калінец).
Паслугі ў галіне экатурызму: Купанне, клімататэрапія – прыняцце паветраных і сонечных ваннаў, плаванне на вёславых суднах, аматарскае рыбалоўства, фотапаляванне, высочванне (вывучэнне) слядоў дзікіх жывёл, снорклінг (назіранне за падводным светам у натуральным асяроддзі). Ёсць сем турыстычных стаянак, якія абсталяваны пляцоўкамі для вогнішча, туалетамі, кантэйнерамі для збору цвёрдых бытавых адходаў.
Экалагічныя маршруты: Дзейнічаюць 4 экалагічныя маршруты (веласіпедны 30 км, веласіпедны 12 км, пешы 6 км, водны 2 км), на якіх абсталяваны 4 тэматычныя пункты і 3 месцы адпачынку турыстаў. Арганізаваны «зялёны маршрут» уздоўж возера Рычы, які ўключае драўляны насціл па забалочанай тэрыторыі, аглядную пляцоўку, паказальнікі напрамку руху на маршруце, месца адпачынку на маршруце (альтанка).