Хмель заявіў аб павелічэнні выкарыстання ЦКА за кошт будаўніцтва рэгіянальных комплексаў

03.05.2023

3 мая, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі планамерна нарошчваюць выкарыстанне цвёрдых камунальных адходаў за кошт будаўніцтва рэгіянальных цэнтраў сартавання і перапрацоўкі ЦКА. Аб гэтым 3 мая ў Баранавічах заявіў журналістам міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

 

"Пытанне абыходжання з ЦКА ў нашай краіне актуальна. Ёсць даволі вялікая колькасць даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада па гэтым пытанні. Такая сфера ў Беларусі дынамічна развіваецца. Перад намі стаяць амбіцыйныя задачы: да 2025 года выкарыстанне ЦКА павінна скласці 64 працэнты (сёння - 32 працэнты). Мы планамерна гэту работу выконваем за кошт будаўніцтва рэгіянальных цэнтраў, паляпшэння работы па выкарыстанні другасных матэрыяльных рэсурсаў. Рухаемся наперад, гэта радуе", - сказаў Андрэй Хмель.

 

Беларусь імкнецца да таго, каб у краіне было 30 буйных комплексаў сартавання і перапрацоўкі ЦКА. Адзін з прыкладаў такой работы - мадэрнізацыя сартавальна-перагрузачнай станцыі цвёрдых камунальных адходаў у Баранавічах. У выніку яе магутнасці павялічыліся больш як у два разы. "Самы буйны завод плануецца ў Мінску. Заканчваем аб'екты ў Оршы і Бабруйску. Дзейнічаюць такія прадпрыемствы ў Гродне і Брэсце. У Гродне рэалізоўваецца праект па выкарыстанні RDF-паліва. Там будзе дасягнуты паказчык, які плануецца да 2025 года, па выкарыстанні ЦКА - больш за 64 працэнты. Прыклады ёсць, у гэтым напрамку рухаецца краіна", - адзначыў міністр ЖКГ.

 

У Беларусі нацэлены да 2025 года давесці ўзровень выкарыстання ЦКА ў агульным аб'ёме іх утварэння да 64 працэнтаў, да 2030 года - да 70 працэнтаў, а да 2035-га - да 90 працэнтаў. З другаснай сыравіны вырабляюць значны аб'ём прадукцыі. Дзяржава падтрымлівае вытворцаў, якія выкарыстоўваюць ДМР. "У краіне планава ідзе работа па выкананні нацыянальнай стратэгіі па абыходжанні з камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. За пяцігодку закрыты практычна ўсе міні-палігоны, аптымізаваны палігоны, наведзены парадак па выкананні тэхналогій. Такім чынам мы павялічваем уключэнне адходаў", - дадаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.

 

У Баранавічах сёння праходзіць выязное пасяджэнне экспертна-кансультатыўнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. На парадак дня вынесена пытанне выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб арганізацыі работы з адходамі. Размова ідзе аб раздзельным зборы ЦКА, іх перапрацоўцы і далейшым выкарыстанні. Члены Савета Рэспублікі, кіраўніцтва міністэрстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, архітэктуры і будаўніцтва, прадстаўнікі органаў мясцовага кірвання і самакіравання азнаёміліся з вопытам Баранавіч па зборы адходаў, наведалі пункт нарыхтоўкі другаснай сыравіны, сартавальна-перагрузачную станцыю ЦКА. У час пасяджэння ўдзельнікі абмяркоўваюць дасягнутыя ў гэтай сферы поспехі і праблемы і абменьваюцца вопытам.-0-

 

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Версія для друку Усе навіны