Радыеактыўныя адходы, экалогія, "лічба". Беларусь падпісала з "Расатамам" шэраг дакументаў аб супрацоўніцтве

17.10.2023
17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія ведамствы і арганізацыі падпісалі шэраг дакументаў з дзяржкарпарацыяй "Расатам" аб стратэгічным супрацоўніцтве. Падпісанне адбылося на палях Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі і дзяржкарпарацыяй "Расатам" падпісаны ў мэтах пашырэння супрацоўніцтва ў галіне экалогіі.

Асаблівую значнасць мае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж РУП "Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі" і АТ "ТВЭЛ" (РФ). ТВЭЛ з'яўляецца інтэгратарам дзяржкарпарацыі "Расатам" па вывадзе з эксплуатацыі ядзерна і радыяцыйна небяспечных аб'ектаў і абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. Прадугледжана ўзаемадзеянне па стварэнні і развіцці інфраструктуры для пахавання радыеактыўных адходаў у Беларусі, падрыхтоўцы персаналу для эксплуатацыі пунктаў пахавання радыеактыўных адходаў, забеспячэнні эксплуатацыі, маніторынгу пунктаў пахавання радыеактыўных адходаў.

Таксама заключана пагадненне аб стратэгічным навукова-тэхнічным супрацоўніцтве ў галіне рэалізацыі сумесных праектаў паміж Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і АТ "Інжынерна-тэхнічны цэнтр "ДЖЭТ" (у складзе дывізіёна дзяржкарпарацыі "Расатам" АТ "Русатам Сэрвіс"). Прадугледжана падрыхтоўка навуковых і метадычных матэрыялаў у галіне матэматычнага мадэлявання; навучанне, павышэнне кваліфікацыі, прафесійная і трэнажорная падрыхтоўка; арганізацыя і правядзенне сумесных семінараў, канферэнцый, хакатонаў, кейс-чэмпіянатаў і круглых сталоў; вывучэнне і ўкараненне лепшых практык у галіне матэматычнага мадэлявання. Таксама пагадненне прадугледжвае стварэнне сумеснага адукацыйнага праекта "Школа мадэлявання" на базе БНТУ.

Яшчэ адзін дакумент - пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне рэалізацыі сумесных праектаў паміж ЗАТ "Міжнародны дзелавы альянс", ТАА "Русатам - Лічбавыя рашэнні" і краінавым офісам дзяржкарпарацыі "Расатам" у Беларусі - ТАА "Русатам Бел". Яно прадугледжвае вытворчую кааперацыю ў сферы лічбавізацыі.

"Калі мы сталі разглядаць, як прапаноўваць інавацыйныя лічбавыя прадукты на рынку Беларусі, то вырашылі, што тут лепш працаваць з надзейным лакальным партнёрам. Мы знайшлі яго ў асобе Міжнароднага дзелавога альянсу, які цудоўна разумее беларускі ўнутраны рынак і можа эфектыўна прапаноўваць нашы рашэнні. У бліжэйшы час будуць падпісаны ліцэнзійныя пагадненні па асобных прадуктах. Ёсць прапановы па лічбавай аўтаматызацыі руцінных бізнес-працэсаў, што дае магчымасць іх паскараць, зніжаць выдаткі, аптымізаваць кадры", - адзначыў дырэктар краінавага офіса дзяржкарпарацыі "Расатам" у Беларусі Станіслаў Лявіцкі. Паводле яго слоў, дзяржкарпарацыя таксама зацікаўлены прыцягнуць новых распрацоўшчыкаў да рэалізацыі праектаў у РФ і трэціх краінах.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Версія для друку Усе навіны