23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапануюць абмеркаваць праект пастановы Савета Міністраў "Аб ліцэнзаванні імпарту". Аб гэтым
паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Мэта падрыхтоўкі праекта пастановы - рэгуляванне ўвозу на тэрыторыю Беларусі мінеральнай сыравіны (карысных выкапняў), віды якой разведаны і здабываюцца ў краіне, і выключэнне яе неабгрунтаванага імпарту.
Праектам пастановы прадугледжваецца ўвядзенне ліцэнзавання ўвозу ў нашу краіну асобных відаў мінеральнай сыравіны з дзяржаў, якія не ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз, тэрмінам на 6 месяцаў. Пад абмежаванні падпадаюць, у прыватнасці, такія матэрыялы, як розныя віды пяску, гліны, а таксама мел, граніт, будаўнічы камень і іншыя.
Праектам таксама прадугледжваецца, што яго патрабаванні не распаўсюджваюцца на тавары, што перамяшчаюцца праз тэрыторыю Беларусі транзітам, паходзяць з дзяржаў - членаў ЕАЭС, пры ўмове пацвярджэння іх паходжання і кошт якіх у адпаведнасці з адным транспартным (перавозачным) дакументам не перавышае 1 тыс. еўра ў эквіваленце.
Ліцэнзаванне будзе ажыццяўляцца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю па ўзгадненні з іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі арганізацыямі.
Арганізатар грамадскага абмеркавання - Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі або накіраваць з 23 ліпеня па 3 жніўня на электронны адрас Мінпрыроды.-0-