Качанава: у сферы абыходжання з адходамі трэба працаваць яшчэ эфектыўней

03.05.2023

3 мая, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. У сферы абыходжання з адходамі беларусам трэба працаваць яшчэ хутчэй і эфектыўней. Такое меркаванне 3 мая ў Баранавічах выказала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

 

У Баранавічах сёння праходзіць выязное пасяджэнне экспертна-кансультацыйнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. У парадак дня вынесена пытанне выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы аб арганізацыі работы па абыходжанні з адходамі. Размова ідзе пра раздзельны збор цвёрдых камунальных адходаў, іх перапрацоўку і далейшае выкарыстанне. У мерапрыемстве прымаюць удзел члены Савета Рэспублікі, кіраўніцтва міністэрстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, архітэктуры і будаўніцтва, прадстаўнікі органаў мясцовага кіравання і самакіравання.

 

"Прэзідэнтам пастаўлена задача па максімальным уключэнні другасных рэсурсаў у гаспадарчы абарот і навядзенні парадку на аб'ектах пахавання цвёрдых камунальных адходаў", - звярнула ўвагу Наталля Качанава. Пры арганізацыі работы з адходамі важна забяспечваць ахову навакольнага асяроддзя і рацыянальнае прыродакарыстанне. Гэта адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Спікер падкрэсліла, што чысціня прыроды і экалагічная бяспека лічацца нацыянальным брэндам Беларусі.

 

"Увабраўшы неацэнны савецкі вопыт, улічваючы лепшыя замежныя практыкі, наша краіна выпрацоўвае ўласныя прававыя механізмы, якія здольны даваць рэзультат у існуючых умовах. Сёння ў Беларусі дзейнічае грунтоўная прававая база ў галіне абыходжання з адходамі, якая можа быць арыенцірам для многіх іншых краін. Але мы павінны працаваць у гэтым напрамку хутчэй і эфектыўней", - лічыць старшыня Савета Рэспублікі.

 

Наталля Качанава заўважыла, што пры вырашэнні пытанняў абыходжання з адходамі нельга выбіраць паміж аховай прыроды і эканомікай. "Трэба рабіць так, каб экалагічныя меры сталі крыніцай даходу і прыносілі прыбытак. Як казаў Прэзідэнт, другасныя рэсурсы - гэта клондайк для беларускіх прадпрыемстваў. У цяперашніх умовах мы павінны максімальна выкарыстоўваць унутраныя рэсурсы", - заклікала яна.

 

На пасяджэнні прагучала інфармацыя, што ў Беларусі штогод утвараецца каля 4 млн т камунальных адходаў. "Лічу, што наша навука павінна больш аператыўна і набліжана працаваць з прадпрыемствамі, якія займаюцца адходамі. Трэба максімальна скарачаць дыстанцыю пераходу ад тэорыі да практычнай рэалізацыі навукаёмістых распрацовак", - выказала меркаванне старшыня Савета Рэспублікі.

 

Яна дадала, што ў работу па абыходжанні з адходамі трэба ўключыцца ўсім. Асабліва важна прывіваць людзям экалагічную культуру. "У нас гэта ўжо ёсць. Трэба толькі перадаваць з пакалення ў пакаленне. Павінны быць задзейнічаны ўсе, пачынаючы ад дзіцячых навучальных устаноў", - рэзюмавала Наталля Качанава.-0-

 

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Версія для друку Усе навіны