Бясплатны праезд у грамадскім транспарце прапануюць вадзіцелям у Беларусі 22 верасня

21.09.2023
21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў некаторых гарадах вадзіцелям прапануюць бясплатны праезд у грамадскім транспарце 22 верасня, у Сусветны дзень без аўтамабіля. Аб гэтым расказаў начальнік упраўлення рэгулявання уздзеянняў на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталля Ланец, паведамляе БЕЛТА.

"Для прыцягнення ўвагі грамадскасці да выкідаў забруджвальных рэчываў ад мабільных крыніц Мінпрыроды штогод падтрымлівае Сусветны дзень без аўтамабіля, які праводзіцца 22 верасня. У гэты дзень вадзіцелям традыцыйна прапануюць адмовіцца ад выкарыстання асабістых транспартных сродкаў, праводзяцца розныя тэматычныя мерапрыемствы, якія прапагандуюць ідэю пешага і веласіпеднага спосабаў перамяшчэння", - сказала Наталля Ланец.

Так, для вадзіцеляў, якія адмовяцца ад асабістага транспарту на карысць грамадскага, 22 верасня ў асобных рэгіёнах Беларусі прадугледжаны бясплатны праезд. Гэта, у прыватнасці, Мінск, Салігорск, Гродна, Ваўкавыск, Воранава, Слонім, Гомель, Баранавічы, Пінск і яшчэ 8 раёнаў. У Паставах - на асобных маршрутах, а ў Брэсце - у ранішнія і вячэрнія гадзіны пік. З больш падрабязнай інфармацыяй пра гарады, якія далучыліся да акцыі і прадаставяць бясплатны праезд вадзіцелям, можна азнаёміцца на афіцыйных сайтах тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды.

"У Мінску таксама будзе прадугледжана арэнда веласіпедаў і самакатаў. Акрамя таго, плануюцца велапрабегі ў Мінску, Наваполацку і Віцебску, а таксама шэраг іншых актыўнасцей", - падкрэсліла начальнік упраўлення.

22 верасня сусветная супольнасць адзначае Сусветны дзень без аўтамабіля - міжнародная падзея, якая заклікае адмовіцца ад выкарыстання аўтамабіля хаця б на адзін дзень. Мэта акцыі - скараціць колькасць аўтамашын на вуліцах і дарогах, а таксама падтрымаць іншыя віды ўстойлівага транспарту, уключаючы грамадскі і веласіпедны.-0-

БЕЛТА - Навiны Беларусi

Версія для друку Усе навіны