Андрэй Худык: "Клімат стаў глабальнай праблемай бяспекі". Што Беларусь чакае ад кліматычнага саміту ў ААЭ

29.11.2023
 
Андрей Худык
Андрэй Худык
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь

У пачатку снежня ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах пройдзе Сусветны саміт па барацьбе са змяненнем клімату. Дэлегацыю нашай краіны на ім узначаліць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Мерапрыемства адбудзецца на палях 28-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (COP-28). Для Беларусі як адной з удзельніц канвенцыі гэтыя пытанні таксама вельмі важныя. Рэспубліка ў ліку першых у еўрапейскім рэгіёне ратыфікавала Парыжскае пагадненне і пачала яго рэалізацыю. Якія вынікі ўжо дасягнуты Беларуссю, што абмяжоўвае сусветны прагрэс у барацьбе з кліматычнымі змяненнямі і чаму экалогія становіцца глабальнай праблемай міжнароднай бяспекі, у інтэрв'ю БЕЛТА расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.


- У 2015 годзе амаль 200 краін прынялі Парыжскае пагадненне, якое заклікае ўвесь свет удзельнічаць у барацьбе з кліматычнымі змяненнямі. Сур'ёзныя абавязацельствы ўзяла на сябе і Беларусь. Ці ўдаецца нашай краіне выконваць іх у поўнай меры?


- Мэта Парыжскага пагаднення - утрымаць рост глабальнай сярэдняй тэмпературы ніжэй за 2 градусы і прыкласці намаганні для абмежавання росту тэмпературы да 1,5 градуса. У верасні 2016 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ "Аб прыняцці міжнароднага дагавора", і наша краіна стала 30-м бокам Парыжскага пагаднення. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя вызначана органам, адказным за выкананне абавязацельстваў, прынятых Беларуссю па Парыжскім пагадненні. Далучыўшыся да яго, Беларусь абавязалася скараціць да 2030 года выкіды парніковых газаў не менш як на 28 працэнтаў ад узроўню выкідаў 1990 года.


Кожныя пяць гадоў Беларусь павінна прадстаўляць больш амбіцыйны, вызначаны на нацыянальным узроўні ўклад у скарачэнне выкідаў парніковых газаў. Таму ў 2021 годзе ўрад зацвердзіў новыя планы: да 2030 года мы маем намер скараціць выкіды парніковых газаў на 35 працэнтаў ад узроўню 1990 года пры прагназуемым эканамічным росце з улікам сектара "Землекарыстанне, змяненне землекарыстання і лясная гаспадарка" і без прыцягнення дадатковага фінансавання.

Беларусь у поўнай меры выконвае ўзятыя на сябе абавязацельствы па Парыжскім пагадненні і нават перавыконвае іх. Паводле даных дзяржаўнага кадастру выкідаў і паглынання парніковых газаў, у 2021 годзе Беларусь скараціла выкіды на 36,7 працэнта, а з улікам сектара "Землекарыстанне, змяненне землекарыстання і лясная гаспадарка", гэта значыць з улікам паглынання парніковых газаў, - на 57,8 працэнта. Такі прагрэс дае магчымасць працаваць над дасягненнем больш амбіцыйных мэт.


- Якія задачы ставіць перад сабой СОР-28 і якія пытанні з вынесеных на абмеркаванне найбольш актуальныя для Беларусі?


- Асноўным пытаннем канферэнцыі будзе ацэнка прагрэсу дасягнення Глабальнай мэты па скарачэнні выкідаў парніковых газаў. У гэтым кантэксце пашыраецца ідэя павышэння амбіцыйнасці і больш частага прадстаўлення нацыянальных укладаў у скарачэнне выкідаў парніковых газаў. Але трэба разумець, што гэта работа патрабуе вялікіх фінансавых укладаў і тэхналагічных рэсурсаў. А рэсурсы ў краін не бязмежныя. Таму мы не зусім згодны з прапанаваным падыходам.


Беларусь выступіць з заявай аб выкананні свайго ўкладу ў скарачэнне выкідаў парніковых газаў, аб санкцыйным націску, які істотна абмяжоўвае рэсурсы краіны для павышэння амбіцыйнасці мэты скарачэння парніковых газаў у існуючай сітуацыі, аб укладзе атамнай энергіі ў змякчэнне наступстваў змянення клімату. Паводле ацэнкі экспертаў, выкарыстанне атамнай энергіі дасць магчымасць Беларусі скарачаць выкіды дыаксіду вугляроду прыкладна на 7 млн т у год.


Наша рэспубліка як краіна з пераходнай эканомікай мае права атрымліваць фінансаванне для ўмацавання свайго патэнцыялу ў адпаведнасці з рашэннямі Канферэнцыі бакоў, але фактычна гэтыя рэсурсы не паступаюць у краіну. Мы заклапочаны існуючай сітуацыяй з фінансаваннем праектнай дзейнасці Глабальным экалагічным фондам. Апошнім часам ГЭФ адхіляе фінансаванне праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі для Беларусі без якога-небудзь абгрунтавання такіх дзеянняў.


- А якія прапановы ёсць у Беларусі для міжнароднай супольнасці ў галіне барацьбы з наступствамі змянення клімату?


- Мы хочам звярнуць увагу сусветнай супольнасці на той факт, што харчовая бяспека і ўстойлівасць сельскай гаспадаркі не можа дасягацца пры выкарыстанні гандлёвых бар'ераў у дачыненні да паставак угнаенняў з Беларусі.


Беларусь далучылася да Дэкларацыі ААЭ аб стойкіх харчовых сістэмах, устойлівай сельскай гаспадарцы і мерах па барацьбе са змяненнем клімату. Гэты дакумент адпавядае нацыянальным прыярытэтам у сферы харчовай бяспекі і забеспячэння ўстойлівасці сельскай гаспадаркі.


- Ці ёсць сёння сэнс у зялёным парадку дня, калі свет узрушаюць супярэчнасці, павышаецца не толькі кліматычны, але і канфрантацыйны градус? Замест таго, каб аб'ядноўваць намаганні і накіроўваць рэсурсы на ахову навакольнага асяроддзя (тое ж скарачэнне выкідаў парніковых газаў), краіны аддаюць перавагу зусім іншым мэтам - глабальнаму процістаянню, гонцы ўзбраенняў.


- Клімат, экалогія ўжо сталі аб'ектыўным рухавіком сусветнага развіцця і пры гэтым глабальнай праблемай міжнароднай бяспекі, адсутнасць рашэння якой пагражае маштабнымі ўзрушэннямі, такімі як новы некіруемы ўсплёск міграцыі, рост нестабільнасці і падрыў бяспекі ў ключавых рэгіёнах планеты.


Сусветная метэаралагічная арганізацыя прагназуе ў бліжэйшыя пяць гадоў рост глабальных тэмператур да рэкордных узроўняў. Гэтыя працэсы звязаны з узрастаючым негатыўным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе таварна-збытавых ланцужкоў, змяненнем характару землекарыстання, змяншэннем плошчы лясоў, знішчэннем біяразнастайнасці на нашай планеце, распальваннем войнаў. Праблемы множацца ўсе апошнія дзесяцігоддзі.


Узрастаючы ўрон ад небяспечных прыродных з'яў уплывае на эканамічнае развіццё дзяржаў свету і закранае, а ў далейшым закране ў яшчэ большай меры ўсе кліматазалежныя галіны эканомікі: энергетыку, сельскую гаспадарку, будаўніцтва і іншыя. На жаль, пры такім сцэнарыі развіцця ўсё большая частка сусветнага і нацыянальнага даходаў будзе накіроўвацца не на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, а на пераадоленне наступстваў бедстваў і катастроф. У сувязі з гэтым пераход да зялёнай эканомікі, нізкавугляроднага развіцця, скарачэнне выкідаў парніковых газаў, адаптацыя эканомікі да змянення клімату і зніжэння негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе з'яўляюцца больш чым актуальнымі.


Разам з тым зададзеныя шаблоны, так званая зялёная здзелка, па сутнасці, выкарыстоўваюцца краінамі Захаду ў мэтах утрымання свайго эканамічнага лідарства. Спробы манапалізаваць кліматычны парадак дня, абмежаваць доступ да рэсурсаў, фінансавання прыводзяць да зусім новага ўзроўню глабальнай няроўнасці як паміж краінамі і рэгіёнамі, так і ўнутры іх. А гэта, як мы бачым, і ёсць галоўны каталізатар нестабільнасці.


Кліматычны парадак дня павінен аб'ядноўваць краіны і людзей, а не раз'ядноўваць іх. Для гэтага патрэбны справядлівыя прынцыпы ўзаемадзеяння ў выкарыстанні каласальнага навукова-тэхналагічнага патэнцыялу ўсіх краін-удзельніц, стварэнні сістэмы збалансаваных фінансавых інструментаў. Пры гэтым павінна быць забяспечана права кожнай краіны на свой уласны шлях развіцця.


БЕЛТА

Версія для друку Усе навіны