Аб удзеле ў 13-й сесіі Канферэнцыі Бакоў Рамсарскай Канвенцыі, на якой прынята рэзалюцыя па аднаўленні дэградаваных тарфянішчаў

30.10.2018
28 кастрычніка 2018 года на 13-й сесіі Канферэнцыі Бакоў Канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцаў рассялення вадаплаўных птушак (Рамсарскай Канвенцыі), якая праходзіла ў г. Дубай (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты),  прынята рэзалюцыя па аднаўленні дэградаваных тарфянішчаў для змякчэння наступстваў змены клімату і адаптацыі да іх, а таксама для павышэння біяразнастайнасці і памяншэння небяспекі бедстваў.

Удзельнікі Канферэнцыі прызналі, што аднаўленне тарфянішчаў можа спрыяць выкананню шматлікіх абавязанняў па розных шматбаковых прыродаахоўных пагадненнях, у тым ліку па змякчэнні наступстваў змены клімату і адаптацыі да іх, памяншэння небяспекі бедстваў, захаванню біяразнастайнасці, паляпшэнню рэгулявання водных рэсурсаў і падтрымцы Мэтаў устойлівага развіцця.


Таксама Бакі Рамсарскай Канвенцыі адзначылі вялікую колькасць міжнародных даследаванняў па пытанні змяншэння выкідаў парніковых газаў за кошт аднаўлення водна-балотных угоддзяў і назапашаны вопыт па аднаўленні дэградаваных тарфянішчаў, асабліва для захавання біяразнастайнасці, а таксама ўсё часцей – для скарачэння выкідаў парніковых газаў.


Прынятая рэзалюцыя заахвочвае краіны захоўваць існуючыя і аднаўляць дэградаваныя тарфянішчы, паколькі гэта азначае ўнясенне ўкладу ў змякчэнне наступстваў змены клімату, адаптацыю, захаванне і аднаўленне біяразнастайнасці.


Бакі Рамсарскай Канвенцыі падтрымалі прапанову Беларусі ўключыць у рэзалюцыю палажэнне, якое заклікае краіны распрацоўваць і ўдасканальваць заканадаўства аб аднаўленні дэградаваных тарфянішчаў, роўна як і аб ахове і ўстойлівым выкарыстанні тарфянішчаў у цэлым.


Таксама рэзалюцыя ўтрымлівае шэраг іншых палажэнняў, якія тычацца аднаўлення дэградаваных тарфянішчаў. Выніковыя тэксты названай і іншых прынятых рэзалюцыяў будуць размешчаны па завяршэнні 13-й сесіі Канферэнцыі Бакоў на афіцыйным сайце Рамсарскай Канвенцыі www.ramsar.org.

 


Даведкава:

Канвенцыя аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцаў рассялення вадаплаўных птушак, прынята ў 1971 годзе ў г. Рамсар, Іран, і з'яўляецца адным з найстарых міжнародных прыродаахоўных пагадненняў.


Рэспубліка Беларусь з'яўляецца Бокам Рамсарскай Канвенцыі з 1999 года. Паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 лістапада 2017 г. № 877 за супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі па пытаннях рэалізацыі Рамсарскай Канвенцыі адказнасць ускладзена на Мінпрыроды.


У цяперашні час 26 прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь агульнай плошчай 778,9 тыс. га ўключаны ў Спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (маюць статус рамсарскіх угоддзяў), у тым ліку 4 з іх з'яўляюцца трансгранічнымі.


Канферэнцыя Бакоў з'яўляецца вярхоўным органам Рамсарскай Канвенцыі, які прымае рашэнні. У яе сесіях, якія праводзяцца кожныя тры-чатыры гады, бяруць удзел прадстаўнікі ўрадаў Бакоў Канвенцыі, а таксама прадстаўнікі дзяржаў, што не з'яўляюцца Бакамі, міжурадавых устаноў і няўрадавых арганізацый.


У працы 13-й сесіі Канферэнцыі Бакоў Рамсарскай Канвенцыі, якая праходзіць з 21 па 29 кастрычніка 2018 года, бяруць удзел дэлегацыі больш чым 100 краін свету, у тым ліку Рэспублікі Беларусь.


Сярод разгляданых на сесіі пытанняў:

павышэнне эфектыўнасці Рамсарскай Канвенцыі, яе структур і працэсаў, сінэргія з іншымі шматбаковымі прыродаахоўнымі пагадненнямі і міжнароднымі арганізацыямі;

значнасць водна-балотных угоддзяў для міру і бяспекі;

стан Спіса водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (рамсарскіх угоддзяў);

актуалізацыя кіроўных прынцыпаў па вызначэнні тарфянішчаў рамсарскімі ўгоддзямі для глабальнага рэгулявання змены клімату;

спрыянне захаванню, аднаўленню і ўстойліваму кіраванню ўзбярэжнымі экасістэмамі;

водна-балотныя ўгоддзі ў палярных і субпалярных рэгіёнах;

вядзенне ўстойлівай сельскай гаспадаркі на водна-балотных угоддзях і іншыя пытанні.


Версия для печати